ВО́ЛЬНАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры ракако. Пабудавана ў 1768 у в. Вольна (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкі касцёл базыльян, з 1895 правасл. царква. Мураваная 3-нефавая, 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Гал. фасад вырашаны хвалістай плоскасцю сцяны, завершанай тонка прафіляваным карнізам, па вуглах і цэнтры ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі, крапавана тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. У арх. дэкоры — плоскія нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)